«Сваімі словамі»: лінгвістычны батл запаліў іскру да роднай мовы
У рамках Дэкады цыклавой камісіі выкладчыкаў вучэбных агульнаадукацыйных прадметаў 19.03.2026 года ў 14 М-Б групе (выкладчык Вашкевіч Л.Л.) адбылася творчая падзея — лінгвістычны батл «Сваімі словамі».
Гэта было сапраўднае спаборніцтва розуму, хуткасці рэакцыі і глыбокага пачуцця роднага слова, дзе сустрэліся лепшыя знаўцы мовы.
Навучэнцам прыйшлося прайсці шэраг цікавых і нечаканых выпрабаванняў. У конкурсе «Разгадай крылатую фразу» трэба было не толькі ўспомніць прыказкі і прымаўкі, але і растлумачыць іх значэнне. Раўнд «Лінгвістычны дэтэктыў» праверыў здольнасць каманд лагічна думаць і адгадваць словы па этымалагічных падказках.
Асаблівую цікавасць выклікала заданне «Сінонімы-антонімы», дзе трэба было хутка падбіраць словы, блізкія і процілеглыя па сэнсе. А кульмінацыяй стала частка «Ствары неалагізм», дзе ўдзельнікі праявілі фантазію, прыдумваючы новыя, актуальныя словы для сучасных з’яваў і дэманструючы, што беларуская мова — жывая і развіваецца.
Мерапрыемства яшчэ раз падкрэсліла, што беларуская мова — гэта не толькі вучэбны прадмет, але і магутны інструмент для творчасці, камунікацыі і развіцця крытычнага мыслення.
Вучыце мову самі і разам з намі.
















































